Отрасли

Стася Якімовіч

«Взвейтесь кострами» ў іншай форме вярнулася ў школы»

«Салідарнасць» працягвае расказваць, як за апошнія некалькі год змяніліся ўмовы і атмасфера на працы беларусаў, занятых у розных галінах эканомікі. Гэта другая частка вялікай размовы з выкладчыкамі ў Беларусі і па-за межамі краіны пра тое, у якім стане цяпер знаходзіцца беларуская адукацыя і ці выпадае спадзявацца на лепшае.

Настаўніца сярэдняй школы, якая працуе ў рэгіёне, пагутарыла з «Салідарнасцю» ананімна.

— Ведаю, што вельмі многа людзей сышлі за апошнія гады. Аднак мне, можна сказаць, пашанцавала: тыя людзі, хто мяне курыруе, маюць адэкватныя погляды, шмат у каго з настаўнікаў з’ехалі дзеці за мяжу — таму я і затрымалася на гэтай працы.

Так, большасць — тыя, хто падтрымлівае гэтую ўладу, але засталіся і людзі, хто, хай вельмі акуратна, гаворыць дзецям пэўныя рэчы, якая насамрэч сітуацыя ў краіне і свеце, — распавядае яна.

З дысцыплінай і «абавязацельствамі», вядома, жарсцяць. Перад так званымі выбарамі мы, помню, падпісвалі паперу, што не будзем нікуды выходзіць, ні ў чым удзельнічаць. Усе падпісалі. Але ж думаць ты людзям не забароніш.

— Тое самае магу сказаць пра дзяцей. Часам яны спрабавалі размаўляць пра вайну з Украінай, ты абавязаны перапыніць такую размову ў дзіцячым калектыве, але па вачах бачыш, што ўсё яны ўспрымаюць і разумеюць.

Альбо як рэагуюць на выступленні расійскіх артыстаў, калі тыя называюць нашу краіну «Беларусія» — нават падлеткаў, якіх усяляк апрацоўваюць ідэалогіяй у школе, гэта чапляе. Так што не зусім у нас «чарнуха», прынамсі ў маёй школе.

— Праўда, што абавязваюць класных кіраўнікоў сачыць не толькі за паводзінамі, але за сацсеткамі дзяцей?

— Так. І выкарыстоўваць ідэалагічныя наратывы з метадычак на ўроках і класных гадзінах таксама. Усё пра «генацыд», пра росквіт Беларусі. Летась да Дня Перамогі ўсе класы пісалі дыктант, там трэба было згадаць і самі ведаеце каго, кшталту «як сказаў прэзідэнт»... Праўда, за гэта вось усё ім сталі няблага даплочваць: каля 300 рублёў.

Пры выбары школьных экскурсій, згадвае суразмоўніца, перавага таксама аддаецца «правільным» месцам: музей Вялікай Айчыннай, лінія Сталіна замест паездкі ў Вязынку.

А патрыятызмам унутры школы руліць ваенрук, якому далі пасаду «намеснік па ідэалагічным выхаванні» і добрую зарплату. На ўрокі да яго дзеці прыходзяць у форме колеру хакі.

— Настаўнікаў у форму (напрыклад, усім толькі сіняе з каўнерыкам) яшчэ не апранулі?

— У нас пакуль не, але ходзяць размовы на гэты конт.

У класах абнавілі дзяржсімволіку, паставілі камеры паўсюль (у адной школе, як я чула, нават у кожным класе паставілі камеры з гукам). Ці адбілася гэта на матчастцы школы? Не, канешне ж. У нашай — нават на дзвярныя ручкі ці касметычны рамонт сродкаў няма.

Бацькі, па маіх назіраннях, не спяшаюцца па шчаўчку «ўпісвацца» за інтарэсы школы, затое сталі шмат гаварыць пра правы дзяцей, адразу тэлефанаваць наконт ацэнак. З аднаго боку, гэта няблага, але з другога, настаўнікам стала больш складана — кожны спрабуе ўказваць, як вучыць і ставіць ацэнкі.

Дзеці розныя. Але, на мой погляд, сама меней палова з іх — разумныя, таленавітыя, якім раскрываць бы свае здольнасці і радавацца дзяцінству, развіваць крытычнае мысленне, а не выслухоўваць вось гэта ўсё, што на іх ліецца.

Як калісьці маё пакаленне апрацоўвалі камуністычнай прапагандай, — так і цяпер «взвейтесь кострами» ў іншай форме вярнулася ў школы. Мабыць, 90-ыя гады, калі вучыліся мае дзеці, у гэтым сэнсе былі самымі свабоднымі.

Суразмоўніца «Салідарнасці» падкрэслівае: нельга мераць на адзін капыл усіх, хто застаецца ў сістэме. На яе думку, у школах нямала людзей, якія, можа, не маюць адкрытага пратэснага бэкграўнду, але ў іх дэмакратычныя погляды, яны ў курсе бягучай павесткі і займаюцца менавіта навучаннем, а не «ідэалагічным выхаваннем».

А лаяльнасць да дзейнай улады не ёсць гарантыяй добрага жыцця. Як распавялі «Салідарнасці» бацькі вучняў, у адным з раёнаў дырэктарку школы, якая ўсё жыццё працавала ў сістэме адукацыі, «не высоўвалася», удзельнічала ў выбарах і паслухмяна рабіла, што скажуць — пасля праверкі звольнілі з-за дробязі. І потым вельмі доўга нікуды не бралі, хоць у раёне, натуральна, яе добра ведалі.

— Нельга казаць, што ўсё прапала, — рэзюмуе настаўніца. — Страх, кантроль, перагружанасць педагогаў — гэта ёсць. Але адэкватныя настаўнікі таксама сустракаюцца.

Даведка «Салідарнасці»

На пачатак сакавіка 2025 года — то бок, у разгар вучэбнага года — у Беларусі, паводле агульнарэспубліканскага банку вакансій, патрабуецца больш 550 настаўнікаў, каля 600 выхавальнікаў дашкольнай адукацыі, амаль 350 выкладчыкаў, у тым ліку ў каледжы і ўніверсітэты.

«Са звальненнем або са смерцю аднаго чалавека часам можна зачыняць цэлы факультэт»

Перспектывы адукацыі ўвогуле і вышэйшай школы ў прыватнасці даволі цьмяныя, — мяркуе  універсітэцкі выкладчык, які застаецца ў Беларусі:

— Асноўная праблема — недахоп кадраў. Можна пагартаць сайты рэгіянальных ВНУ. Часам адзін і той жа доктар навук, які нарадзіўся яшчэ ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе, лічыцца прафесарам на розных кафедрах і нават на розных факультэтах.

Усё банальна: для існавання кафедры патрэбны прафесар, а іх няма і ў бліжэйшы час не будзе ў дастатковай колькасці. Адпаведна, са звальненнем або са смерцю аднаго чалавека часам можна зачыняць цэлы факультэт.

Моладзь у нашых умовах не асабліва імкнецца ў навуку, а тыя, хто хацеў бы працягнуць навучанне ў аспірантуры, вымушаны праходзіць праз сіта праверак з боку прарэктараў па кадрах. Дзве з 3 кандыдатур адсейваюцца на гэтым этапе.

Калі такая сітуацыя захаваецца, то праз некалькі гадоў мы атрымаем універсітэты, якія не надта будуць адрознівацца ад каледжаў, і каледжы, якія не будуць адрознівацца ад школ.

Рэмарка «Салідарнасці»

Як заявіў нядаўна міністр адукацыі РБ Андрэй Іванец, сёлета беларускія ВНУ спыняць набор прыкладна на 50 «няпрофільных»спецыяльнасцяў. Робіцца гэта, паводле чыноўніка, каб кожная навучальная ўстанова «выразна разумела, якіх спецыялістаў рыхтуе».

Падручнікі, вучэбныя дапаможнікі другасныя ў параўнанні з Асобай выкладчыка. Таму тытанічныя намаганні дзяржавы па перапісванні вучэбнай літаратуры па дысцыплінах сацыяльна-гуманітарнага цыклу — дастаткова пустая справа.

Сучасныя студэнты арыентуюцца на іншыя крыніцы атрымання інфармацыі, а параграфы ў кніжках з ідэалагічна выверанымі фармулёўкамі часта застаюцца некранутымі.

«ФМА — лакмусавая паперка, па якой можна меркаваць, наколькі змены ў знешняй палітыцы істотныя і надоўга»

Дацэнтка, кандыдатка гістарычных навук Роза Турарбекава працавала на факультэце міжнародных адносінаў Белдзяржуніверсітэта больш як 20 гадоў, з-за палітычнага пераследу вымушаная была пакінуць Беларусь. З таго часу, зазначае яна ў інтэрв’ю «Салідарнасці», на факультэце адбыліся кардынальныя змены:

— Умоўна да 2022-2023 года можна было гаварыць аб узмацненні ідэалагізацыі, рэпрэсій, нават мілітарызацыі (на ФМА з’явілася больш студэнтаў ваеннага факультэта). За выкладчыкамі і студэнтамі сачылі і ўвесь гэты час людзей звальнялі, ішлі так званыя «чысткі».

У 2024-м звальненняў стала значна менш — мабыць, увесь спіс адпрацавалі. Па тым, што я бачу і што расказвалі мае звольненыя калегі, якія пакінулі краіну, цяпер на факультэце ладзяцца масавыя мерапрыемствы ідэалагічнага характару — то бок, гаворка ўжо ідзе пра індактрынацыю.

Істотна змяніўся і змест вучэбнага працэсу, гаворыць выкладчыца. Так, курсы, прысвечаныя ЗША і Еўропе, скарацілі альбо наогул прыбралі з праграмы, так сама як дысцыпліны гістарычнага характару, например курс гісторыі знешняй палітыкі Беларусі. Наўзамен увялі курсы па Кітаі, ствараюць спецыяльнасць па Афрыцы — Роза Турарбекава называе гэты трэнд «дэеўрапеізацыяй».

З’явіўся абавязковы дзяржаўны кампанент: курсы «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці», «Сучасная палітэканомія», а таксама спецкурс «Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (ў кантэксце Другой сусветнай вайны)». Гэты цыкл выкладаецца ва ўсіх беларускіх ВНУ, ад інстытута культуры да медуніверсітэта.

— Студэнтаў арыентуюць пісаць дыпломныя работы па Кітаі, па Еўразійскім эканамічным саюзе, у меншай ступені па ЕС і ЗША, — працягвае выкладчыца, — тое ж самае датычыць аспірантаў і магістрантаў.

ФМА — лакмусавая паперка, па якой можна меркаваць, наколькі змены ў знешняй палітыцы істотныя і надоўга. Як я бачу, студэнтаў арыентуюць цалкам на Усход і Кітай, на краіны дальняй дугі, у меншай ступені на  Расію. Па Украіне няма наогул нічога: ніводнай тэмы, курса ці навуковага артыкула.

Калі справа будзе так развівацца далей, то праз энную колькасць гадоў мы атрымаем зусім інакш арыентаваных маладых спецыялістаў. Якія будуць займацца Азіяй, Афрыкай, але не Еўропай — пры тым, што геаграфічна Беларусь усё ж знаходзіцца ў Еўропе, і ЕС і ЗША працягваюць заставацца самымі буйнымі гульцамі ў сусветнай палітыцы.

Гэта нонсенс, які, аднак, адлюстроўвае інтэнцыю Лукашэнкі і беларускага рэжыму. Мы ж рыхтавалі кадры для Міністэрства замежных спраў, для міжнародных арганізацый, аддзелаў міжнароднага супрацоўніцтва розных дзяржаўных ведамстваў — а цяпер дзяржава штучна сфармулявала іншы запыт, і праз пэўны час мы не будзем мець спецыялістаў па Еўропе і амерыканістаў.

Роза Турарбекава дадае: адміністрацыя факультэта чуе крытыку ад былых выкладчыкаў, але ўспрымае заўвагі хутчэй у штыкі (а як жа, «збеглыя» і «экстрэмісты» парады раздаюць). Але ж яна ўпэўненая, што ў БДУ і прынамсі на факультэце засталося нямала ўцямных, адэкватных людзей, якія змогуць падтрымліваць пэўны ўзровень ведаў выпускнікоў.

Хоць па шэрагу накірункаў (міжнароднае публічнае права, усходазнаўства, дзе былі выкладчыкі з рэдкімі для Беларусі замежнымі мовамі кшталту карэйскай, хіндзі, турэцкай) якасць адукацыі значна ўпала з-за звальнення моцных спецыялістаў.

Рэмарка «Салідарнасці»

Колькасць беларускіх студэнтаў, якія навучаюцца за мяжой, расце, нягледзячы на ўсе высілкі ўладаў. Толькі ў Польшчы гэтая лічба вырасла з прыкладна 8,4 тысяч чалавек у 2019/20 годзе да 12,7 тысяч — у 2023/24.

— На ФМА адкрылі спецыяльнасць «Міжнародная канфлікталогія» з веданнем дзвюх замежных моў. Мала таго, што вучэбны план складзены бяздарна — прабачце, хіба беларуская дыпламатыя так мае патрэбу ў спецыялістах па ўрэгуляванні міжнародных канфліктаў? Што, сур’ёзна, Беларусь з’яўляецца вялікім міжнародным гульцом, як Кітай, ЗША ці Расія? Мы будзем прапаноўваць свае паслугі ў якасці перамоўнікаў?

У нас чыталіся два курсы, «Канфлікталогія» і «Тэорыя вядзення перамоў» — я з’яўляюся іх аўтарам і чытала іх больш як 20 гадоў. І мне як спецыялісту відавочна, што такая спецыяльнасць на ўзроўні бакалаўрыяту ў Беларусі не мае пад сабой ніякіх падстаў.

Відавочна, што праблема некампетэнтнасці будзе павялічвацца — звольненых дактароў навук, прафесараў, дацэнтаў, страчаную навуковую школу няма кім замяніць. Гэта адлюстроўваецца ўжо сёння на тым, як  закладаецца аснова вучэбнага працэсу, а праз 5-7-10 год мы ўбачым вынікі такога некампетэнтнага падыходу.

«Сапраўдная дэмакратычная рэформа адукацыі магчымая толькі ў сувязі з дэмакратычнай рэформай іншых сацыяльных інстытутаў»

Ацэньваючы прыкладную колькасць рэпрэсаваных педагогаў у Беларусі, дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі, прафесарка ЕГУ Таццяна Шчытцова называе лічбу ў 30-40 чалавек. Але падкрэслівае: гэта толькі тыя, пра чые палітычна матываваныя арышты і прысуды вядома праваабаронцам.

— Насамрэч лічбы палітычнага пераследу нашмат большыя, — зазначае суразмоўніца «Салідарнасці».

Ёсць некалькі катэгорый. Тыя, чые імёны мы ведаем, чый пераслед дакументальна зафіксаваны. Іншая катэгорыя — каго праваабаронцы не змаглі адсачыць, то бок, арышты і прысуды былі, але звесткі аб іх не ўдалося атрымаць.

Ёсць людзі, якія прайшлі праз вобшукі і дазнанні, але не праходзілі праз суды і карную сістэму (узгадаю гісторыю з «Адукаванкай»). І яшчэ адна катэгорыя — хто вымушаны быў сысці з працы, каго звольнілі альбо не працягнулі кантракт. Многія з’ехалі з краіны. Таму мы ведаем толькі вярхушку айсбергу.

— Адной з вострых праблем у адукацыі большасць выкладчыкаў, з кім мы гутарылі, называюць кадравую. Якія яшчэ болевыя кропкі вы б адзначылі?

— Пагаджуся, страта кваліфікаваных кадраў, эміграцыя — адна з істотных праблем. Але дадам яшчэ некалькі пазіцый у пералік «дасягненняў» рэжыму.

  • Першае: арыентацыя на стварэнне сумеснай адукацыйнай прасторы з Расеяй.
  • Другое: скарачэнне магчымасцяў навучання на беларускай мове. Трэцяе: ізаляцыя адукацыйных інстытуцый (у вышэйшай школе — гэта замарозка ўдзелу ВНУ у Балонскім працэсе, але і школу гэтая ізаліцыянісцкая палітыка закранае, і гэта вядзе да прасоўвання ідэалогіі, што «Захад — наш вораг»).
  • Трэцяе: педагагічная адукацыя ў краіне не адпавядае сучаснасці. Таксама ў Беларусі няма акадэмічнай аўтаноміі — ні ў школах, ні ва ўніверсітэтах. Па рэйтынгу акадэмічнай свабоды Беларусь знаходзіцца на чацвёртым месцы знізу — і гэта ў спісе са 179 краін!

Што яшчэ трэба згадаць, гэта зніжэнне якасці адукацыі, і асобна хачу пазначыць крызіс сацыяльных і гуманітарных дысцыплін. Ва ўмовах ідэалагічнага і прапагандысцкага ціску яны фактычна не могуць развівацца, альбо ў вельмі «ўрэзаным» выглядзе.

І апошнія, але не па значнасці, моманты. Тое, што амаль знішчаная прыватная адукацыя. Плюс хранічная праблема, якая доўжыцца дзесяцігоддзямі: недафінансаванне. З апошнім звязаны і нізкі тэхналагічны ўзровень, неразвітасць анлайн-адукацыі, — атрымліваецца цэлы пакет.

— Экспертная супольнасць распрацавала Канцэпцыю і дарожную мапу па дэмакратызацыі адукацыі. На вашу думку, колькі часу спатрэбіцца, каб выправіць наступствы таго, што нарабіла дзейная ўлада?

— Хачу зазначыць, што распрацаваныя дзве дарожныя мапы на першыя 500 дзён — для базавай дэмакратызацыі як у вышэйшай, так і ў сярэдняй адукацыі.

Акрамя таго, ёсць асобныя напрацоўкі, якія тычацца падрыхтоўкі да сістэмнага рэфармавання, а таксама сучасных методык для пачатковай і сярэдняй школы. І гэта добры падмурак, дарэчы, методыкі ўжо зараз можна выкарыстоўваць у Беларусі. То бок калі пачнецца сапраўднае дэмакратычнае рэфармаванне, ёсць, на што абапірацца.

Што да пытання пра час — на мой погляд, спачатку важна зразумець, што менавіта нарабіла дзейная ўлада. Перадусім гэта аўтарытарнае кіраванне — як у адносінах да школы/ВНУ, так і ўнутры школы/ВНУ.

Аўтарытарныя патэрны ў камунікацыі, выкладанні — усё гэта ўплывае на адукацыю вельмі дэструктыўна. У школах пануе страх, які дэматывуе педагогаў, яны баяцца выступаць з нейкай сапраўднай ініцыятывай. А дзе няма ініцыятывы — ёсць фармалізм, шмат якія рэчы робяцца проста для птушачкі.

Гэта  спараджае такі добра вядомы савецкім людзям феномен, як падвоеная свядомасць, калі мы разумеем адно, а прамаўляем афіцыйна іншае. Ствараецца атмасфера  недаверу, якая ўздзейнічае разбуральна і на педагогаў, і на вучняў.

Бо старшакласнікі і студэнты ўсё разумеюць, і калі яны бачаць, як настаўнік прамаўляе з сур’ёзным тварам нешта, у што сам не верыць — гэта фармуе цынізм.

Натуральна, ва ўмовах аўтарытарызму, адсутнасці свабоды немагчымае развіццё, прасоўванне сучасных метадаў, ведаў. Але ж ёсць рэчы, якія можна зрабіць ужо зараз: найперш, падвышэнне кваліфікацыі настаўнікаў, авалоданне ангельскай мовай — у гэтых кірунках шмат магчымасцяў.

І другое, аб чым мы можам паклапаціцца — падрыхтоўка сучасных мэнэджараў у галіне адукацыі. Калі распачнецца сапраўдная дэмакратычная рэформа, такія спецыялісты будуць вельмі патрэбныя, іх крытычна не хапае.

Базавыя рэформы — напрыклад, наданне школам і мясцоваму самакіраванню большай свабоды — на думку Таццяны Шчытцовай, магчыма здзейсніць у першыя 500 дзён. Але для сістэмных змен у адукацыі часу спатрэбіцца нашмат болей.

І, бадай, самае галоўнае — для поспеху рэформаў патрэбна не толькі мець кваліфікаваныя кадры, сучасныя тэхналогіі і мэнэджмент. Трэба, каб і беларускае грамадства было гатовае да скразнога, фундаментальнага рэфармавання. Сёння далёка не ўсе разумеюць такую неабходнасць — многія лічаць, што сістэма збольшага працуе нармальна («навошта чыніць, калі можна падфарбаваць»).

— Сапраўдная дэмакратычная рэформа адукацыі магчымая толькі ў сувязі з дэмакратычнай рэформай іншых сацыяльных інстытутаў: бізнес, культура, палітычная сістэма — усё мусіць быць у комплексе, — зазначае прафесарка.