Вольскі: «Няўжо сотні тысячаў суайчыньнікаў за мяжою зноўку сыходзяць у звыклую «хатаскрайнасьць», у спрадвечнае «каб чаго ня выйшла»?

Дзе падзеліся болей за пяць тысячаў беларусаў, якія атрымалі дазвол на жыхарства на Беласточчыне? Разважае Лявон Вольскі на Budzma.org пасля выступу на канцэрце з нагоды Дня Волі ў Беластоку.

Лявон Вольскі

Адгрымела нашае сьвята — Дзень Волі. У розных мейсцах за межамі Беларусі адбываліся розныя акцыі — шэсьці, канцэрты, сустрэчы з выбітнымі людзьмі...

Можна было выбраць — ісьці на шэсьце ў выходны дзень (23 сакавіка, арганізатары адмыслова рабілі акцыі ў вольны дзень, каб людзям было зручна) ці то сьвяткаваць 25-га (на гэты дзень таксама прымеркавалі шмат падзеяў).

«Сілавікі» РБ гэтым разам зьвярнуліся да беларусаў замежжа з пагрозамі, маўляў, мы ідэнтыфікуем усіх, хто выйдзе на акцыі. І тады — страшэнная помста! — канфіскацыя маёмасьці, што засталася ў Беларусі, і іншыя непрыемныя рэчы (ціск на сваякоў, напрыклад).

Вы толькі ўявіце сабе: яны «навялі парадак» у падкантрольнай РБ — ніхто не выходзіць ні на якія акцыі, ніхто не данаціць, ніхто ня лайкае і не камэнціць. А цяпер спрабуюць «навесьці парадак» за мяжою, на тэрыторыі, якая нібыта зусім ім не падкантрольная.

Здавалася б, абсурд, надзявай маску, цёмныя акуляры, шапку дый наперад! — ніхто цябе не ідэнтыфікуе. Так дзейнічаць і прапанаваў адзін зь цяперашніх беларускіх лідэраў.

Дзень Волі ў Беластоку — дзе падзеліся пяць тысяч беларусаў?

23 сакавіка я выступаў на акцыі ў Беластоку. У горадзе, да якога ўсе мы маем сантымэнт — недалёка ад мяжы з радзімай, этнічныя беларусы складаюць вялікую частку мяйсцовага насельніцтва, да ўсяго ў даважак ідзе чароўнае Падляшша — з Гайнаўкай, Бельскам, Супрасьлем, лясамі, пушчамі, беларускімі краявідамі і духам.

І вось я граў у самым цэнтры — на рынку Касьцюшкі каля ратушы. І мне падпявалі беларусы — тыя некалькі сотняў, што сабраліся ў гэты сонечны ветраны дзень, каб адзначыць нашае агульнае нацыянальнае сьвята.

На Беласточчыне — болей за пяць тысячаў беларусаў, якія атрымалі там дазвол на жыхарства. Здавалася, пару тысячаў маглі б лёгка сабрацца ў цэнтры гораду ў выходны дзень.

Не, я не ўпікаю — было шмат сьцягоў, і людзі былі выдатныя, і ўсьмешкі на тварах, і хтосьці прыйшоў у маскіроўцы, каб ня вылічылі, і была сапраўды сьвяточная атмасфэра...

Але дзе падзеліся тыя пяць тысячаў? Паехалі ў выходны адпачываць на Мазуры? Вырашылі паглядзець сьвежы сэрыял? Рванулі на радзіму, у Беларусь? Ці пабаяліся выходзіць, бо «сілавікі» ж пагражалі?

Ці імкліва асымілююцца, і тады: «Ай, я ўжо не наведваю беларускія акцыі, гэта ўсё мне нагадвае пра дваццаты год, пра пратэсты, пра мае пятнаццаць сутак, пра ўцёкі і ўсё вось гэта. Я ўжо болей пачуваюся палякам, чымсьці беларусам».

Туды-сюды праз мяжу і наступствы

Ёсьць і такія. Як ёсьць і тыя, хто пастаянна курсуе туды-сюды празь мяжу. Мае гуманітарную візу ці то дазвол на жыхарства на падставе гэткае візы і езьдзіць увесь час. І зьвярталіся да іх: не рабіце так, бо праз вас хутка не дадуць гуманітарную візу таму, каму яна рэальна патрэбная. Хто мусіць тэрмінова ўцякаць адтуль, зь «сільнай і працьвятаюшчай».

Не, не спрацавала. Абураліся: «Нідзе не пазначана, што з гуманітарнай візай (альбо з ВНЖ) нельга езьдзіць дадому. Будзем езьдзіць. Нам трэба».

І вось дачакаліся рэакцыі: пакуль ня масава, але ўжо ёсьць выпадкі ануляваньня гуманітарнае візы тым, у чыім пашпарце назапасілася багата пячатак пра пераезд мяжы. І цяперашні польскі ўрад дакарае папярэдні за тое, што выдавалі гуманітарныя візы ўсім без разбору, і вось цяпер гэтыя людзі, якія мусілі б хавацца ад перасьледу, рэгулярна наведваюць дзяржаву, якая іх нібыта і перасьледавала.

І цяпер сапраўды, той, каму віза рэальна неабходная, можа яе й не атрымаць.

Эміграцыйныя парадоксы

А ёсьць і тыя, хто пакарыстаўся сытуацыяй і выехаў на Захад у пошуках лепшае долі. Без аніякае палітыкі, перасьледу, удзелу ў маршах-ланцугах, губазікаў і Акрэсьціна. Але, безумоўна, паўсюль пазначаў, што ўдзельнічаў і перасьледаваўся.

Заўсёды былі і ёсьць людзі, якія спэкулявалі на палітычнай сытуацыі ў Беларусі. Нічога не рабілі, каб гэтую сытуацыю зьмяніць, а проста выяжджалі за мяжу і падаваліся «на палітыку».

Адна дзяўчына ў Злучаных Штатах напісала падрабязную гісторыю свайго перасьледу — са зьняволеньнем, прэсінгам і катаваньнямі, з жахлівымі падрабязнасьцямі, вывучыла ўсё гэта — ад кропкі да кропкі, адтарабаніла на інтэрвію адмысловаму супрацоўніку, потым без аніякае памылкі двойчы паўтарыла іншым упаўнаважаным асобам і ў імгненьне вока атрымала статус. Пры гэтым уся гісторыя — ад пачатку да канца — была прыдуманай.

Іншы малады беларус сапраўды ўдзельнічаў у «Маладым Фронце». Хадзіў на акцыі, клеіў улёткі. Яго нават затрымалі, але быў непаўнагадовы, далі пару поўхаў і адпусьцілі. Гэты хлопец на інтэрвію блытаўся:

— Калі вас затрымалі?

— Ну, гэта было ўвесну...

— Ці можна дакладней?

— Ну, я так ужо дакладна ня памятаю... Канец красавіка быў, здаецца.

У выніку статусу не атрымаў. Не пераканаў упаўнаважаных асобаў.

Вось такія эміграцыйныя парадоксы.

І што цяпер?

Мы будзем баяцца прыйсьці на мітынг, на шэсьце, на акцыю, на канцэрт? Бо нас могуць ідэнтыфікаваць і нешта такое непрыемнае зрабіць. Мы нават ня пойдзем у масцы, каптуры і акулярах. А раптам усё адно як-небудзь спраўдзяць? Лепей трымацца ад усяго гэтага падалей!

Мы ня будзем выказвацца ў сацсетках, бо мы ж рэгулярна езьдзім празь мяжу і ня хочам, каб нас «завінцілі».

Мы будзем сабе ціха працаваць у сваім замежжы, а раз на два месяцы прыяжджаць на некалькі дзён у РБ, прывозіць пачастункі й падарункі, радаваць родных і блізкіх, а потым ізноў — на працоўную вахту.

А побач з намі будуць пасьпяхова асымілёўвацца хітрыя былыя грамадзяне РБ, якія панапісвалі страшных гісторыяў свайго перасьледу, атрымалі міжнародную абарону і пытаюцца ў пабліку беларусаў Варшавы: «Ці ёсьць тут людзі, якія зь міжнароднай аховай наведвалі РБ праз Расею? Бо мне вельмі трэба».

І што, усе драматычныя падзеі пачатку 20-х гадоў адбыліся дзеля іх, гэтых вось пэрсанажаў?

Трыццаць гадоў нас у Беларусі вучылі: «Думайце пра сябе. Пра сябе і сваю сям’ю. Дбайце пра заробак. Пра дабрабыт. Вы мусіце зарабляць, браць крэдыты, утрымліваць дзяцей і блізкіх. Працаваць, выпіваць і закусваць. Ня думайце пра грамадзтва, пра краіну — гэта будзе за вас рабіць дзяржава. А вы — думайце найперш пра сябе».

Няўжо гэтая простая, нават тупаватая стратэгія працуе? І цяпер сотні тысячаў суайчыньнікаў за мяжою, перажыўшы забурэньні, тэрор, інтэграцыю, уздым, еднасьць, зноўку сыходзяць у звыклую «хатаскрайнасьць»? У спрадвечнае «каб чаго ня выйшла»?

Мне дык вельмі ня хочацца верыць у гэта.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(57)