Міжволі ўзьнікае думка: а колькі людзей у сыходнай сытуацыі палічылі за лепшае прамаўчаць, не дзяліцца, бо — хто яго ведае? — а раптам гэта нашкодзіць камусьці са сваякоў ці сяброў? І прамаўчалі. А колькі іх было? Тысячы? Дзясяткі тысячаў?
«Паміж гэтымі групамі беларусаў — бездань». Лявон Вольскі пра рознае ўспрыняцце Беларусі
Лявон Вольскі на Budzma.org разважае пра тое, як розныя групы беларусаў зусім па-рознаму ўспрымаюць Беларусь.
У адной сацыяльнай сетцы зьявіўся допіс. Маўляў, некалькі гадоў не была на радзіме, паехала, на мяжы — допыт, зьнялі з аўтобусу, закулі ў кайданкі, кінулі ў вязьніцу. Потым — суд, штраф за лайкі і (дзякуй Богу!) адпусьцілі.
Карыстальніца піша, што доўга думала, ці публікаваць гэты пост, урэшце вырашыла, што варта.
Хваля каментароў
Тым часам на пост абрынулася хваля камэнтароў. І значная іхная доля была ў стылі: «Ня ведаю, шэсьць гадоў жыву за мяжою, некалькі разоў на год наведваю Беларусь, і ніколі на мяжы не дапытвалі, не правяралі, усё заўсёды міла і карэктна».
Іншая значная частка камэнтароў сьцьвярджала, што, калі ты выехала зь Беларусі і жывеш за мяжою, дык няма чаго ў гэтую РБ вяртацца. Бо там усё непрадказальна, і можна нарвацца на буйныя непрыемнасьці (даўжынёю ў гады).
Чальцы трэцяй групы скептычна казалі, што праз польска-беларускую мяжу на аўтобусе едуць толькі дурні (і сквапныя, бо гэтак — найтаньней), а нармальныя прасунутыя вандроўнікі выпраўляюцца на радзіму праз Калінінград, адтуль лятуць у Пскоў, а там празь Себеж дабіраюцца да Полацку. Так, маўляў, значна бясьпечней.
Меркаваньне ўдзельнікаў апошняе, чацьвертае групы можна было не агучваць, бо там сабраліся людзі, для якіх пісаньне камэнтароў — гэта праца, а таксама зацятыя прыхільнікі ўлады РБ, прычым значная частка якіх жыве ў Расеі. Але дзеля справядлівасьці зазначым, што гэтыя камэнтатары, як заўсёды, у нязьменнай агрэсыўнай манэры пакрыквалі: «Узялі, значыцца, было за што!», «Няма чаго было ў 20-м спрабаваць разваліць дзяржаву!», а таксама іншыя трафарэтныя лёзунгі-абвінавачаньні.
Такое рознае ўспрыняцьце Беларусі
Пачытаўшы гэта ўсё, складаецца ўражаньне, што розныя групы беларусаў зусім па-рознаму ўспрымаюць Беларусь.
Для кагосьці гэта краіна, дзе, у прынцыпе, можна жыць і дзе жывуць родныя, блізкія, сябры і знаёмыя.
На стандартнае пытаньне: «Як жыцьцё?» яны адказваюць звыкла: «Нармальна». Яны навучыліся не заўважаць аўтарытарызм, беспакаранасьць улады і нават вайну, у якой РБ бярэ ўдзел, масава прадукуючы элемэнты зброі — прыцэлы, скрыні для боепрыпасаў, мікрасхемы і іншыя прыдатныя для расейскае агрэсіі рэчы.
Як і большасьць насельніцтва — ты ж ня будзеш жыць у краіне і ўсё наўкол ціха ненавідзець (хаця ёсьць і такія, і нямала, але гэта правакуе разбурэньне асобы). Таму даводзіцца заплюшчваць вочы на ўсё адмоўнае, і гэта робіцца звычкай.
А аўтара камэнтара «дзіўна, ежджу ў Беларусь два-тры разы на год і ні з чым падобным не сутыкаўся» жыцьцё (эканамічная мэтазгоднасьць) выкінула на Захад, ён прызвычаіўся да тамтэйшага жыцьця, ведае мову, стала працуе, мабыць, нават набыў жытло, і дзеці ягоныя вучацца ў мяйсцовай школе.
Беларусь ён успрымае як мілую малую радзіму, рэгулярна яе наведвае, сустракаецца там з гэтымі сябрамі ды сваякамі, якія «нармальна» жывуць, і ў ягонай карціне сьвету РБ — звычайная небагатая постсавецкая краіна са сваімі нюансамі. Ён яе любіць, але здалёк.
Жыць там яму б не хацелася, бо ён прызвычаіўся да іншага ўзроўню жыцьця..
Камэнтатар з другой групы ўцёк ад перасьледу і парваў з РБ усе сувязі. У інтэрнэце ён называе былую радзіму «фашыстоўскай краінай» ды «саўком». Наведваць яе ён ня можа, бо фігуруе ў сьпісах на мяжы (мае заведзеныя крамінальныя справы).
Ён рэгулярна сьніць кашмары пра тое, што раптам апынаецца на радзіме, і яго апаноўвае халодны жах — як я сюды трапіў і як адсюль выбірацца?!
Апошняй кропляй у паціры ягонае нянавісьці была пастанова аб асабістай прысутнасьці пры продажы маёмасьці — давялося разьвітацца з плянам анлайн-продажу кватэры і дому за горадам. Усе, хто матляецца празь мяжу туды-сюды, выклікаюць у яго пагарду, пачуцьцё прыкрасьці і раздражненьне.
А вось камэнтатар з трэцяй групы ня можа не матляцца. Ён пастаянна прыдумляе нагоды, дзякуючы якім мусіць чарговым разам паехаць у РБ. Гэта могуць быць як сур’ёзныя (той жа продаж маёмасьці), нагоды, так і ня надта (спатканьне са сваякамі, бо ў дзядзькі — юбілей). Гэты пэрсанаж разумее небясьпеку пераходу беларускае мяжы, таму абірае ня танны, але найбольш бясьпечны, як яму здаецца, варыянт — праз Расею.
Быццам бы (ён правяраў) у расейскіх сьпісах ён не фігуруе, таму верыць (прымушае сябе верыць) у сваю абароненасьць. Яшчэ ён мае падменны тэлефон з фальшывым акаўнтам у фэйсбуку, дзе актыўнасьць зводзіцца да коцікаў і кветачак. Ён нават можа мець міжнародную абарону, гэта нічога не зьмяняе.
Паміж гэтымі групамі камэнтатараў — бездань.
Чалавек зь першай групы ня здольны зразумець пэрсанажа з другой («А чаго на цябе завялі крыміналку? Падаткі не плаціў?») і з трэцяй («Навошта езьдзіць такімі коламі, калі можна наўпрост?»). Чалавек з другой лічыць пэрсанажа зь першай, даруйце мне выраз, «недачалавекам», які не разумее элемэнтарных рэчаў: «Нармальна там жывецца, так?
Нармальна, што ўсіх пагалоўна гоняць у БРСМ, што ў школах прамываюць мазгі, што трэба пасьля заканчэньня ўнівэру адпрацоўваць у занюханым пасёлку гарадзкога тыпу пару гадоў, што сілавікі маюць усе правы, і ты нават ня можаш адмовіцца даць тэлефон на агляд? Гэта нармальна?». А ягоны апанэнт не разумее сутнасьці прэтэнзіяў — а што здарылася? Так жа заўсёды было, колькі я сябе помню — і БРСМ, і разьмеркаваньне. Гэта ж проста дадзенасьць — як сьнег, ці дождж, ці вецер...
Зрэшты, цалкам верагодна, што праз адзін маленькі выпадак пэрсанаж зь першай групы можа перайсьці ў другую. Ці ў трэцюю.
А якая выснова? Якая мараль гэтае байкі, як той казаў?
Ды гэтым разам — ніякай. Проста паглядзіце, якія яны розныя — беларусы. І Беларусь у іх розная.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное