Казанэцкі: Чаму палітыка Польшчы ў дачыненні да Беларусі не эфектыўная

Польскі палітолаг Павал Казанэцкі – пра тое, чаму змена адносінаў Захаду да Беларусі не азначае паскарэнне дэмакратызацыі нашай краіны.

Для Польшчы эканамічныя стасункі з Лукашэнкам маюць у пэўным сэнсе маргінальны характар, таму Варшава не спяшаецца ісці насустрач рэжыму, лічыць польскі палітолаг, чалец асацыяцыі «Усходнееўрапейскі дэмакратычны цэнтр» Павал Казанэцкі.

Пры гэтым і з беларускага боку, нягледзячы на два адкрытыя наноў памежныя пераходы з Польшчай і на публічныя заклікі да дыялогу і нармалізацыі, так і не было зроблена заўважных крокаў. У тым ліку дагэтуль не на волі палітвязні, у вызваленні якіх зацікаўленая Варшава — у прыватнасці, манах Гжэгаж Гавэл і журналіст Анджэй Пачобут.

— Можа, пераезд Святланы Ціханоўскай і прыняццё яе на тэрыторыі Польшчы — гэта якраз адказ на тое, што за некалькі месяцаў няма ніякай рэакцыі Беларусі і няма Пачобута? — разважае Казанэцкі ў эфіры Еўрарадыё. — То Польшча і вырашыла: калі вы не гатовыя на кампраміс, мы гатовыя на іншыя ўчынкі.

Павал Казанэцкі

Як у такім выпадку можа будавацца дыялог, нават непублічны, паміж Варшавай і Мінскам? Вельмі складана сказаць.

Праблема Польшчы ў тым, што яна ніколі не мела паслядоўнай палітыкі адносна Беларусі. У розныя моманты Варшава спрабавала то будаваць дыялог — які ніколі да канца так і не атрымаўся, то спрабавала весці жорсткую палітыку.

Думаю, што на гэтым досведзе спадар Сікорскі, міністр замежных спраў, навучыўся адному: што трэба мець усё ж паслядоўную пазіцыю адносна рэжыму Лукашэнкі. І тады гэты рэжым пачынае размаўляць.

Цяпер я не бачу магчымасці змены гэтай палітыкі, пакуль гэты ўрад пры ўладзе і пакуль не адбудзецца змены палітыкі ўсяго ЕС.

Але я магу сабе ўявіць, што пры раскладзе, калі шмат палітыкаў даюць пазітыўныя сігналы і адносна Пуціна, і адносна Лукашэнкі, стаўленне можа змяніцца.

Зрэшты, пакуль мы ўвогуле не ведаем, якой будзе палітыка наступнага ўраду ў Польшчы, якая кааліцыя возьме ўладу пасля наступных выбараў.

Цяпер унутрыпалітычная сітуацыя ў краіне вельмі нестабільная, а да ўлады, да голасу прыходзяць сілы, якія ніколі не займаліся ні ўнутранай, ні знешняй палітыкай — гэта папулісты, якім прыйдзецца браць уладу і за штосьці адказваць.

Пэўнае разыходжанне пазіцый еўрапейскіх краін, прынамсі Польшчы і Літвы, на думку польскага палітолага, ужо адбылося, калі Варшава адкрыла памежныя пераходы з Беларуссю. Казанэцкі ўвязвае гэта з «пэўнымі адносінамі Польшчы з Кітаем» і з тым, што гэтыя пераходы — «важная брама для гандлю ЕС з Кітаем».

— Гэта можа быць глабальны чыннік, — зазначае ён, — дзе Польшча апынаецца больш у сферы мыслення еўрапейскіх краін і ЕС, а Літва — у глабальным мысленні і палітыцы ЗША.

Адносіны з Беларуссю — не пытанне таго, хто першы дасць слабіну. Проста яны ёсць часткай глабальнай палітыкі і іншых кожнай з гэтых дзвюх дзяржаў.

Сёння, калі расклад у сусветнай глабальнай палітыцы мяняецца і ў любы момант яна можа абваліцца, а ці паўстане новая на яе месца, невядома — ёсць больш значныя пытанні і выклікі для нацыянальнай бяспекі Польшчы і Літвы, чым толькі пытанні пераезду Офісу Ціханоўскай альбо пытанне эканамічных адносінаў з Беларуссю.

Гэтыя глабальныя пытанні, змена палітыкі ЗША датычна Беларусі і частковае зняцце санкцый з беларускага калію — выклік у тым ліку і для самога Лукашэнкі. І што ён зробіць? Ці гэта будзе нейкая змена ўнутранага курсу, памякчэнне рэпрэсіўнай палітыкі (на сёння гэтага не бачна), ці дыялог альбо спроба яго імітацыі?

Але гэта выклік і для беларускай дыяспары. Бо цяпер на свабоду выйшлі палітыкі, прарасійскія ў сваёй пазіцыі, якія лічаць, што Еўропа і свет павінныя пачаць дыялог з Лукашэнкам — і той можа скарыстоўваць гэта для стварэння фіктыўнага дыялогу.

А для пэўных сіл каштоўнасцю, якую яны прасоўваюць, можа аказацца не прабеларуская пазіцыя і не дэмакратыя, а проста перамена рэжыму ўнутры краіны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(2)