Фільм «Пад шэрым небам» беларускай рэжысёркі Мары Тамковіч выходзіць у пракат у Польшчы

Гэта мастацкая стужка, натхнёная асобамі беларускіх журналістаў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша.

Пра выхад фільма ў польскі пракат паведаміла Мара Тамковіч.

Як распавядала раней рэжысёрка, гісторыя Ігара і Каці — крыніца натхнення.

— Не было мэты зрабіць біяграфічны фільм. Некаторыя рэальныя сітуацыі адаптаваныя, нейкія сцэны выдуманыя, нешта з рэальных падзей не згадваецца.

Палітзняволеная журналістка Кацярына Андрэева (Бахвалава) была затрыманая 15 лістапада 2020 года пасля стрыму з месца жорсткага разгону сілавікамі акцыі памяці забітага Рамана Бандарэнкі і зараз адбывае васьмігадовы тэрмін у калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Муж Кацярыны журналіст Ігар Ільяш быў затрыманы ў кастрычніку 2024-га. Ягоную справу пачалі разглядаць у Мінскім гарадскім судзе ў лютым 2025-га. Ігара абвінавачваюць у «дыскрэдытацыі Беларусі» і «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці».