Ці ўвогуле атрымаецца нармалізаваць стасункі паміж Беларуссю і ЗША — пытанне адкрытае. Таму што асаблівай цікавасці ў Злучаных Штатаў да гэтага няма, прыярытэтам для іх з’яўляецца Расія, а Беларусь у свядомасці вельмі многіх прыхільнікаў Трампа — гэта ўвогуле частка Расіі, нешта не зусім акрэсленае і зразумелае.
Ці «прадасць» Лукашэнка Трампу Беларусь як перамоўную пляцоўку?
Дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч — пра спробы беларускага рэжыму нагадаць аб сабе новаму амерыканскаму кіраўніцтву.
У інтэрв’ю амерыканскаму блогеру Марыё Наўфалу Лукашэнка заявіў, што Мінск гатовы стаць пляцоўкай для перамоў Трампа, Пуціна і Зяленскага па завяршэнні вайны ва Украіне. Такія прапановы з вуснаў беларускага правіцеля гучаць не першы раз. Ці магчымы на сёння падобны сцэнар?
Расія адказала імгненна: паводле прэс-сакратара Крамля Дзмітрыя Пяскова, Мінск — лепшае, з гледзішча РФ, месца для перамоў і галоўны яе саюзнік. Але ці зацікавіць запрашэнне суагрэсара ў вайне Украіну, а таксама ЗША?
— Пакуль што гэта выглядае абсалютна неверагодным, — зазначае ў экспрэс-каментары «Салідарнасці» дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.
— Украіна лічыць Беларусь суагрэсарам, гэта шмат разоў агучвалася ўкраінскім кіраўніцтвам. Акрамя таго, ужо ёсць пляцоўкі іншыя, якія маюць досвед пасярэднікаў і значна больш зручныя для ўсіх бакоў: Саудаўская Аравія, згадаем Турцыю, Швейцарыю, ААЭ. На гэтым фоне Беларусь, канешне, выглядае не вельмі добра.
І для Злучаных Штатаў Беларусь — краіна, з якой на дадзены момант існуюць кепскія стасункі, а даверу няма.
Можна чакаць, што нешта будзе мяняцца. Мы бачым, што гэтая заява Лукашэнкі была зробленая ўжо менавіта для амерыканскай аўдыторыі, каб нагадаць аб сабе новаму амерыканскаму кіраўніцтву — але гэта, напэўна, толькі пачатак шляху.
На гэтым фоне, дадае Андрэй Казакевіч, прапанова Лукашэнкі выглядае абсалютна нерэалістычным варыянтам на дадзены момант. Хоць сітуацыя змяняецца вельмі хутка, таму «ўсё можа быць».
— Рэмарка Лукашэнкі пра Зяленскага, што не трэба на таго ціснуць, трэба паспрабаваць дамовіцца — спроба згуляць так, каб спадабацца «і нашым, і вашым»?
— Ну было б зусім дзіўна, калі б Лукашэнка прапаноўваў Беларусь у якасці пляцоўкі для перамоў і пры гэтым агрэсіўна выказваўся супраць аднаго з бакоў, не важна якога. Відавочна, пляцоўка мусіць быць нейтральнай, і тут цалкам лагічнай выглядала б такая гульня з Украінай.
Але я не думаю, што беларускія ўлады сур’ёзна разглядаюць верагоднасць таго, каб Беларусь стала пляцоўкай. Прынамсі гэтае інтэрв’ю яны выкарыстоўваюць, каб нагадаць пра сябе, пра сваё існаванне: мы ёсць, мы гатовыя да перамоў, шкадуем Украіну, хаця і разумеем Злучаныя Штаты і, канешне, падтрымліваем Расію. Каб гэты наратыў быў пачуты амерыканская аўдыторыяй, перадусім самім Трампам, Маскам — выбар блогера, відавочна, звязаны з тым, каб падабрацца да інфармацыйнага поля сучаснага амерыканскага кіраўніцтва.
— І захаваць намёк на шматвектарнасць?
— Няма тут ніякай шматвектарнасці, толькі наратыў неканфліктнасці. Бо калі мы кажам пра шматвектарнасць, гэта значыць, мусіць быць шмат роўназначных вектараў. А ў беларускім выпадку так ніколі не было, і Расія ў любым выпадку шматкроць больш важная, уплывовая, актыўная. Усе астатнія вектары ў параўнанні з гэтым асноўным — не вектары, а вектарчыкі.
Читайте еще
Избранное